Голад не цётка, або Хто накорміць студэнта?

Чаго ў студэнта няма? Канешне, часу для заняткаў кулінарыяй і жадання бясконца стаяць ля пліты. Дык што ж ядуць будучыя спецыялісты? Успамінаецца выраз: трохразовае харчаванне: панядзелак, серада, пятніца. Адразу агаваруся, што ў разлік будзем браць толькі іншагародніх, на шчасце ў мясцовых студэнтаў у запасе ёсць любячая матуля ці бабуля (а то і поўны камплект), якія заўсёды накормяць свайго дзіцёнка смачнымі катлеткамі, наварыстым супчыкам, пышнымі піражкамі… Але і тых, хто не з’яўляюцца карэннымі мінчанінамі, можна падзяліць на дзве групы: хто жыве ў інтэрнаце і хто здымае кватэру.

Вялікі шпакоўнік

У кожным пакоі можна сустрэць усё што заўгодна — ад бутэрбродаў і супоў хуткага прыгатавання да сапраўднага мяса па-французску. У асноўным студэнты інтэрната ядуць тое, што хутка і сытна, але не вельмі карысна. Харчаванне нагадвае матэматычную схему, дзе ў панядзелак рацыён складаюць стравы, прывезеныя з дому, у сярэдзіне тыдня можна купіць сасіскі і макароны, папрасіць у суседа бульбіну. У чацвер і пятніцу, калі нічога не застаецца, можна пазычыцькавалачак хлеба альбо мяса. Для гэтага вам спатрэбіцца змучаны, галодны выраз твару і добра падвешаны язык (ваш). З сумным позіркам заходзьце да суседзяў і растлумачце ім простымі словамі, што патрэбна, бо гэта пытанне жыцця і смерці. Калі дабылі мяса і паставілі на пліту — ідзіце за бульбай.

Адна сям’я

На з’ёмнай кватэры можна жыць як аднаму, так і ўдваіх, а то і ўтраіх. Меню прадстаўляе сабою сумесь хатняга і таго, што купілі пасля заняткаў. Боршч і катлеты змяняюць локшына хуткага прыгатавання і пельмені. Усё залежыць ад таго, чыя чарга гатаваць і з якімі сумкамі вы прыехалі з дому. Увогуле, тыя самыя галаваломкі, што ў інтэрнаце.

Студэнцкія сталовыя

Дзякуючы эвалюцыі на свет з’явіліся студэнцкія сталовыя, дзе і харчуюцца студэнты ВНУ. У параўнанні з іншымі месцамі грамадскага харчавання нашай сталіцы яны выглядаюць таннымі і эканамічнымі. Але студэнту не заўсёды па кішэні кожны дзень харчавацца ў сталовай. Яшчэ некалькі разоў падумаеш, перш чым выбраць: паесці ці праехаць на аўтобусе.

Каб не заставацца ў баку ад гэтай тэмы, разгледзім меню дзвюх унверсітэтаў, якіх тэрытарыяльна размяжоўвае шаша.

Месца:універсітэт БДПУ імя Максіма Танка.

Час працы:9:30 – 17:00.

Нацэначная катэгорыя:3.

Для тых, хто не зусім добра арыентуецца ў лабірынтах роднай alma mater, будзе складана знайсці гэты рай для страўніка. Але, калі вы ўсё ж дайшлі, будзьце гатовы прастаяць у час пік не адну хвіліну. Самаабслугоўванне ў поўным сэнсе. Ідзём да меню. Разам са звычайнай варанай каўбасой і агурком за 2 тыс. і буракамі з селядцом за 3500 знаходзіцца сумесь з яйца пад маянэзам і гарошка (4250), гуляш з ялавіччыны (13 450). Такія дэлікатэсы асаблівым попытам у студэнтаў не карыстаюцца. Яно і зразумела. Не кожны зможа падсілкавацца гароднінай на ўвесь дзень, ды і цэны на такія стравы высокія. Але і на танны кампот можна не разлічваць, каштуе ён 2450 рублёў. Падсілкавацца баршчом са свежай капустай і фрыкадэлькамі будзе каштаваць 3850. На такое харчаванне стыпендыі не хопіць.

З мэтай вывучэння ўзроўню задаволенасці студэнтаў працай пунктаў харчавання ва універсітэце праводзіцца маніторынг. Апыталі 600 чалавек. Студэнтам давалася магчымасць ацаніць якасць прыгатаванай ежы і абслугоўванне ў пунктах харчавання. Па выніках на «выдатна»і «добра»якасць харчавання ацанілі 90,6% апытаных навучэнцаў (544 чалавекі).

— Цэны у сталовай фарміруюцца згодна з закупачнымі. Для таго, каб даведацца меркаванні студэнтаў, рэктаратам і гандлёвым комплексам праводзіцца сумесная праца па змяншэннюхарчавання. Так, для прыгатавання ежы з бульбы, морквы, цыбулі і іншага вырошчваюць усё гэта на аграбіястанцыі «Зялёнае». У далейшым плануецца зрабіць скрынку для прапаноў і пажаданняў. Кожны зможа выказаць сваю незадаволенасць, альбо, наадварот, падзякаваць. Па гэтых запісах будзем рабіць аналіз, — паведаміла прарэктар Т.І. Копцева.

Для параўнання сходзім у яшчэ адну сталовую.

Месца:БДУ. Інтэрнат №5

Час працы:з 10:00 да 17:00.

Нацэначная катэгорыя:3.

Ужо з дзвярэй можна пачуць пах ежы. Доўгая чарга студэнтаў павольна рухаецца ўперад.

У свайго знаёмага пацікавілася, ці часта заходзіць у сталовую.

— Не, часу не хапае. Ды і дарагавата. Але калі ёсць «фортка», ходзім з сябрамі.

Меню нізкімі цэнамі асабліва не выдзяляецца. Так, мачанка з блінамі — 15 200, бульба фры — 5700, рыбная катлета — 3250. Папіць каву — 2000 руб. Разбаўляе рацыён салат-кактэль «Паўлінка»за 4950. Выбар ёсць. Але пры такім заказе кашалёк хутка апусцее.

Тамухарчаванне—адзінсаслабых бакоў студэнцкага жыцця. І страўнік патрабуе не тлумачэнняў, а канкрэтнай ежы. У іншым выпадку да вас прыйдзе набор хвароб, якія будуць узначальваць язвы і гастрыты. Не хварэйце і харчуйцеся правільна!

 

Рэцэпт простага прыгатавання ежы ад студэнткі 5 курса БДЭУ Ксеніі Янчык.

Гатуем амлет. Бярэм 2 яйкі, адну сталовую лыжку мукі (на свой густ), крыху солі. Усё гэта перамешваем, каб не было камякоў, заліваем 100 мл малака. Смажым на смятанкавым масле.

Для тых, каму гэта здаецца простым, другі рэцэпт. Перш, чым заліваць цеста, падсмажыць на смятанкавым масле мяса ці каўбасу, усыпаць прыпраў, пацерці сыру. Смачна есці!